МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА сістэма дыферэнцыраванага навучання ў Германіі ў пач. 20 ст. Распрацавана ням. педагогам І.А.Зікінгерам і прапанавана пры рэфармаванні нар. школ у г. Мангейм (адсюль назва). У аснову пакладзены прынцып адпаведнасці вучэбнай нагрузкі і метадаў навучання індывід. здольнасцям і магчымасцям вучняў. На аснове псіхаметрычных абследаванняў і характарыстык вучняў размяркоўвалі па 4 т.зв. радах класаў: асн. класы (8 гадоў навучання) — для дзяцей з сярэднімі здольнасцямі; пераходныя або класы замежных моў (6 гадоў навучання) — для найб. здольных вучняў, якія могуць працягваць навучанне ў рэальных школах і гімназіях; класы развіцця (для малаздольных) і дапаможныя класы (для разумова адсталых) — па 4 гады навучання. М.ш.с. мела шмат прыхільнікаў у Германіі, некаторыя яе палажэнні выкарыстоўваліся ў Бельгіі, Даніі, Францыі, Швейцарыі, Польшчы, ЗША, Расіі. Асобныя элементы сістэмы выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. тэорыі і практыцы.

В.С.Болбас.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)